Фотавыстава «ДАЛІНА РУЖ»


18 чэрвеня (нядзеля) 16.30. - адкрыцё выстаўкі фотаздымкаў «Далiна Руж». На выстаўцы прадстаўлены працы ўдзельнікаў секцыі аналагавых фотаздымкаў Беларускага Грамадскага Аб’яднання Фатографаў: Аленкі Данбровай, Галіны Ламака, Уладзіміра Суцягіна, Уладзіміра Пехцерава, Сяргея Кулагіна, Яўгена Гараўскага, Дзяніса Співака, Віталя Ціхамірава.

Выстаўка «Далiна Руж» з’яўляецца вынікам творчых фотапленэраў, якія расцягнуліся на некалькі гадоў, і па ліку будзе трэцяй; у далёкім 1988 годзе адбылася першая фотавыстава, другая – у 2008 годзе, з розніцай у 20 гадоў. Ружаны – менавіта так называецца маленькі горад, які знаходзіцца ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці. Месца мае багатую гісторыю і ўнікальную архітэктуру.

Першая згадка яго сустракаецца ў старых гістарычных летапісах каля 1490 года. Ключавой славутасцю горада Ружаны, дзякуючы чаму гэты горад і атрымаў такую шырокую вядомасць, з’яўляецца палацавы комплекс Сапегаў – цэнтральная рэзідэнцыя аднаго з найбагацейшых магнацкіх родаў нашай краіны. Палац быў пабудаваны ў 1602 годзе канцлерам ВКЛ Львом Сапегам. Вельмі добра ўмацаваны ў тыя часы, ён мог цалкам быць ахарактарызаваны як замак. У другой палове XVIII стагоддзя яго перабудавалі. Падчас Першай сусветнай вайны здарыўся моцны пажар, частка сцен палаца абвалілася. У міжваенны перыяд прадпрымаліся спробы аднаўлення, але Другая Сусветная вайна пагоршыла сітуацыю. У 2008 годзе на тэрыторыі комплексу былі распачаты раскопкі і рэстаўрацыя. Цікавасць да Ружанаў не вычэрпваецца адным толькі палацавым комплексам. Тут ёсць і іншыя архітэктурныя славутасці. Адной з іх з’яўляецца царква святых Пятра і Паўла (у цяперашні час функцыянуе), якая раней уваходзіла ў склад уніяцкага манастыра. Храм быў пабудаваны ў 1778 годзе. Аўтарам праекта з’яўляецца саксонскі архітэктар Ян Самуэль Бэкер.Фатографы не маглі пакінуць па-за ўвагай і іншае тварэнне Яна Бэкера –каталіцкі касцёл святога Казіміра, заснаваны ў 1792 годзе. Будаўніцтва яго было звязана з мошчамі святога Казіміра, якія з сярэдзіны XVII стагоддзя захоўваліся ў ружанскіх уладаннях Сапегаў. Святы Казімір – афіцыйны заступнік горада, аб чым сведчыць і герб Ружан.

Шмат легенд і адкрыццяў тоіць у сабе гэты маленькі, але багаты на спадчыну гарадок Ружаны. Даўняя легенда аб падземнай дарозе, якая вядзе ў іншы горад, будзіла фантазію ўдзельнікаў экспедыцыі, але яны так і не знайшлі гэты шлях. Няма нічога больш цікавага і захапляльнага, чым вандроўкі і новыя адкрыцці. Кожны куток нашай краіны тоіць у сабе вялікую гісторыю.

1008